Галья́н звычайны (Phoxinus phoxinus) — рыба сямейства карпавых. Народныя назвы: красаўка, гаркуша, маляўка, скамарох, залатаўка, крумела, фарэлька і інш.
Даўжыня 6—8, часам да 10 см. Цела падоўжанае, верацёнападобнае. Рот канцавы. Усе плаўнікі, за выключэннем хваставога, закругленыя. Афарбоўка зеленаватая, бакі залацістыя, брушка серабрыстае. Удоўж спіны цёмная паласа і мностна папярочных цёмных палосак на баках. Плаўнікі жаўтаватыя, зрэдку чырванаватыя (у час нерасту самцы стракатыя). Афарбоўка рыбы залежыць ад умоў існавання.
Чародная рыба, летам трапляецца на камяністых перакатах, зімою зарынаецца ў глей, залазіць пад карані раслін. Корміцца водарасцямі, дробнымі планктоннымі арганізмамі, насякомымі і іх лічынкамі.
Полавая спеласць у 2 гады. Нераст парцыённы, пачынаецца пры тэмпературы вады 7—10 °С (у канцы красавіка—чэрвені). Ікру адкладвае на камяністых перакатах пад камяні. Плоднасць 0,7—1 тыс. ікрынак.